logo cimbaly
Russian English German
Submit to FacebookSubmit to TwitterSubmit to LinkedIn

16 снежня гала-канцэртам адзначыў сваё 85-годдзе Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Беларусі імя Іосіфа Жыновіча. “К” працягвае знаёміць чытачоў з галерэяй творчых партрэтаў дырыжораў аркестра, якія ў розныя часы стаялі за пультам гэтага праслауленага калектыву. Гэта адзіны партрэтны фотаздымак Рыгора Самохіна, які захаваўся і дайшоў да нашых дзён. Але ён вельмі “гаваркі”, гэты кадр. Выразны адкрыты позірк смуглявых вачэй, мяккая ўсмешка на прывабным твары, модны фетравы капялюш і акуратна павязаны гальштук пад беласнежным каўнерыкам… Усё ў гэтым чалавеку выдае яго прыналежнасць да артыстычнай прафесіі. Ды ён і быў артыстам — кампазітар, дырыжор, выканаўца-кантрабасіст, адзін з самых адукаваных і вядомых музыкантаў у даваенным Мінску.

Рыгор Самохін нарадзіўся ў Горках на Магілёўшчыне ў сям’і агранома. З ранняга дзяцінства ў яго выявіліся выдатныя музычныя здольнасці, але даволі доўгі час ён не мог пачаць прафесійна займацца музыкай. Мары аб набыцці гэткай адукацыі пачалі пакрысе спраўджвацца толькі ў 1928-м годзе, калі ён паступіў у Мінскае музычнае вучылішча — праўда, пакуль на аддзяленне кантрабаса, а не па тэорыі і кампазіцыі, як яму хацелася адразу. Выяўлялася адсутнасць пачатковых музычных ведаў. Але Самохін не марнаваў час. Неўзабаве яму было дазволена паралельна з асноўнымі заняткамі па кантрабасе наведваць урокі кампазіцыі ў Мікалая Аладава. Яго прафесійны рост быў наўпрост прапарцыйны гарачаму жаданню вучыцца і паглыбляць веды. Спачатку павольна, крок за крокам, а потым імкліва і апантана ён спасцігаў прамудрасці музычнай навукі.

У 1932 годзе з адкрыццём у Мінску кансерваторыі Рыгор Самохін быў пераведзены туды ў клас вядомага кампазітара, вучня Мікалая Рымскага-Корсакава Васіля Залатарова. Адначасова з вучобай наш герой пачынае працаваць. Яму ўдаецца сумяшчаць вучобу з абавязкамі кіраўніка ансамбля домр Беларускага радыёкамітэта і працай кантрабасіста ў сімфанічным аркестры опернай студыі.

З вялікай доляй верагоднасці можна зрабіць выснову, што менавіта Рыгор Фёдаравіч быў першым з дырыжораў, які ўстаў за пульт Аркестра беларускіх народных інструментаў Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў 1937 годзе, калі Дзяржансамбль цымбалістаў быў рэарганізаваны, а склад яго пашырылі да 40 чалавек. Па даступных крыніцах, якія давялося вывучаць, прызначаны на пасаду галоўнага дырыжора народнага аркестра Канстанцін Сімяонаў прыехаў у Мінск толькі ў студзені 1938 года. Узнікае пытанне: а хто ж займаўся народным аркестрам да гэтага часу, амаль год?.. Напэўна, дакладнага адказу на гэта пытанне ўжо не будзе. А вось зрабіць меркаванне, што такім дырыжорам мог стаць Рыгор Самохін, мы можам цалкам, хаця афіцыйна імя Самохіна ў дачыненні да аркестра сустракаецца крыху пазней. “З прыходам у калектыў маладога, таленавітага дырыжора Сімяонава і кампазітара Самохіна, які напісаў спецыяльна для аркестра шэраг твораў, аркестр вырас у буйную мастацкую адзінку”, — пісала газета “Советская Белоруссия” 4 чэрвеня 1940 года, напярэдадні I Дэкады Беларускага мастацтва ў Маскве.

Упэўнена, такое хуткае ператварэнне “у буйную мастацкую адзінку” з удзелам Самохіна адбылося не за паўгода да напісання артыкула і надыхода Дэкады! Тым больш Сімяонаў у 1938 — 1941-м гадах сумяшчаў працу галоўным дырыжорам народнага аркестра з абавязкамі другога дырыжора сімфанічнага. Яму неабходны быў памочнік, асістэнт. Магчыма, гэту функцыю і выконваў у аркестры беларускіх народных інструментаў Рыгор Самохін, хаця цяпер мы можам казаць пра тое толькі як пра магчымую версію.

Так ці інакш, але праца ў калектыве, няхай нават распачатая ў 1940-м, дапамагла Самохіну пазнаёміцца са спецыфікай гучання аркестра, з разнастайнымі тэхнічнымі магчымасцямі яго асобных інструментаў і груп.

Вынікам кампазітарскай дзейнасці Рыгора Самохіна ў той час стаў шэраг твораў рознага зместу і формы, у прыватнасці — дзве сюіты на тэмы беларускіх народных песень для аркестра народных інструментаў.

Дакладна вядомы факт: Фантазія на беларускія тэмы Рыгора Самохіна выконвалася аркестрам народных інструментаў на заключным канцэрце I Дэкады беларускага мастацтва ў Маскве ўлетку 1940 года. Хутчэй за ўсё, аўтар таксама быў у ліку ўдзельнікаў знакавага для даваеннай культуры Беларусі канцэрта, хаця дакладна невядома, хто дырыжыраваў падчас выступлення: галоўны дырыжор Канстанцін Сімяонаў ці другі дырыжор Рыгор Самохін. Тагачасная прэса не лічыла падобныя “нюансы” важнымі (зрэшты, з тых часоў мала што змянілася, мяркуючы па матэрыялах некаторых сучасных журналістаў, якія ўвогуле не разумеюць, для чаго патрэбен дырыжор пры аркестры…) Вось вам і яшчэ адна “белая плямка”…

У 1940 годзе Самохін быў узнагароджаны медалём “За працоўную адзнаку”. Такія высокія ўзнагароды не прысуджалі выпадкова. Хутчэй за ўсё, менавіта за падрыхтоўку і выступленне аркестра народных інструментаў на I Дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве дзяржава прызнала выдатныя заслугі нашага героя перад беларускай музычнай культурай. Гэта быў пік кар’еры таленавітага музыканта.

Рыгор Самохін не паспеў эвакуіравацца з Мінска, які быў захоплены фашыстамі ў першыя дні вайны. Застаўшыся ў горадзе, ён працягваў займацца сваёй звыклай справай — музыкай. У Мінску заставалася некалькі музыкантаў, якія ўваходзілі ў даваенны склад аркестра народных інструментаў. Менавіта гэтых артыстаў Рыгор Самохін зноў аб’яднаў у ансамбль. Такім чынам, з дзейнасцю Рыгора Самохіна звязана самая малавывучаная старонка гісторыі народнага аркестра — аж да вызвалення горада ад фашыстаў. Нягледзячы на суровыя побытавыя ўмовы і цяжкі маральна-псіхалагічны клімат, ва ўмовах якога даводзілася жыць і працаваць, ён дамагаўся ад музыкантаў высокіх прафесійных вынікаў. Як пісаў кампазітар Алесь Карповіч, Самохін вызначае склад цымбальнага ансамбля, уключае ў яго жалейкі і баяны, якія ўпрыгожваюць агульнае сугалоссе. Рыгор Фёдаравіч, кіруючы ансамблем, напісаў для калектыву шэраг твораў. Найбуйнейшая ягоная работа таго часу — “Сюіта для цымбальнага ансамбля” з чатырох частак з самастойнымі музычнымі вобразамі. “Вытрыманасць формы, шмат настрою, багацце пачуццяў і фарбаў, ад паэтычнай лірыкі да яскравай весялосці, робяць гэту сюіту класічным творам для беларускага нацыянальнага музычнага ансамбля”, — піша пра яе той жа Карповіч.

16 ліпеня 1944 года, пасля вызвалення беларускай сталіцы, цымбальны ансамбль на чале з Рыгорам Самохіным быў зноў залічаны ў штат Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Але амаль адразу ж НКУС стаў праводзіць пагалоўныя праверкі ўсіх, хто знаходзіўся на акупаванай тэрыторыі. Пачаліся арышты. У загадах па Белдзяржфілармоніі ад 1944 года знаходзім адпаведны параграф, які сведчыць, што Самохін “выключаны са спісаў работнікаў філармоніі з 9.08.1944 г.”

— Усё правільна. Якраз тады яго арыштавалі і пасадзілі за тое, што ён знаходзіўся ў акупацыі, — кажа пляменнік жонкі Рыгора Самохіна Уладзімір Георгіевіч Драгун.

Па матэрыялах Лонданскага архіва Бібліятэкі імя Францыска Скарыны, цяжкая хвароба ў перыяд акупацыі на нейкі час спыніла творчую дзейнасць Самохіна. Праблемы музыканта са здароўем пацвярджае і Уладзімір Драгун::

— Апошнія 8 — 10 гадоў жыцця ён пакутаваў на плеўрыт. Потым хвароба перайшла ў гнойную форму, і гэта стала яго канцом. Я тады быў маленькім, але не памятаю, каб у сям’і казалі калі-небудзь пра тое, што з Самохіна здзекваліся ў турме. Ён хварэў і памёр ад хваробы. Цётка рэгулярна насіла яму перадачы, а аднойчы ёй сказалі: усё, больш яны яму не патрэбныя. Ён не дажыў да прысуда. Цела не выдалі, і мы не ведаем, дзе ён пахаваны.

Паводле Уладзіміра Драгуна, Самохін памёр на пачатку 1945 года — ці то ў лютым, ці то ў сакавіку. Але пацвердзіць гэту інфармацыю могуць хіба толькі архівы…

Смерць пазбавіла Самохіна ад пакут, якія абяцаў прысуд па 58-м артыкуле — “здрада Радзіме”. Балазе, менавіта па тым самым артыкуле выдатны беларускі дырыжор і піяніст Мікалай Клаус, які таксама правёў 4 гады ў акупаваным Мінску і працаваў дырыжорам у гарадскім тэатры, пасля замены смяротнага выраку 25 гадамі высылкі да 1956 года быў зняволеным у лагеры ў горадзе Інта Комі АССР, працуючы газамершчыкам у шахце…

Дзяцей у Рыгора Самохіна не было. Яго жонка Іна Міхайлаўна Драгун да вайны танцавала ў яшчэ адным калектыве Белдзяржфілармоніі — Ансамблі беларускай народнай песні і танца пад кіраўніцтвам Канстанціна Алексютовіча, а ў пасляваенны час працавала касцюмерам спачатку ў Дзяржаўным народным хоры пад кіраўніцтвам Генадзя Цітовіча, а потым — доўгія гады — ў Дзяржансамблі танца БССР. Дзякуючы ёй Уладзімір Драгун захаваў гэта групавое фота, якое з’яўляецца сапраўднай знаходкай для даследчыкаў гісторыі аркестра імя Жыновіча, бо ніякіх даваенных фотаздымкаў аркестра перыяду 1937 — 1941 гадоў не захавалася. Напэўна, гэты — адзіны…

Вольга БРЫЛОН, музыказнаўца

Последние новости

  • «Песня пра долю» в Вилейке
    «Песня пра долю» в Вилейке На сцене Вилейского Дворца культуры 4 ноября Национальный академический народный оркестр Беларуси имени И. Жиновича…
    Опубликовано %PM, %26 %766 %2016 %20:%нояб
  • "Песня пра долю”, рок-оперу і рэаліі
    "Песня пра долю”, рок-оперу і рэаліі Зайздросцьце: і я таксама пабываў на “Славянскім базары ў Віцебску” дзякуючы Нацыянальнаму акадэмічнаму народнаму аркестру…
    Опубликовано %PM, %20 %798 %2016 %21:%нояб
  • Калі пра смак нашага хлеба задумацца?
    Калі пра смак нашага хлеба задумацца? Казінец з Дудкаў пра вяселлі ў XXII стагоддзі, многа ветру ў вачах, “дрыгву” руху па…
    Опубликовано %PM, %26 %780 %2016 %20:%нояб
  • О творчестве
    О творчестве Художественный руководитель и главный дирижер Национального академического народного оркестра им. Иосифа Жиновича, народный артист Беларуси,…
    Опубликовано %AM, %12 %196 %2013 %06:%мая
  • «Играть надо для публики, а не для критиков!»
    «Играть надо для публики, а не для критиков!» У заслуженного артиста Беларуси Александра Кремко — мультимузыканта, композитора, аранжировщика и дирижера Национального академического народного…
    Опубликовано %PM, %17 %728 %2015 %19:%окт